Папа павіншаваў народ Бангладэш з 50-годдзем незалежнасці
У адмысловым відэапасланні Святы Айцец падкрэсліў, што Бангладэш – “краіна рэдкай прыроднай прыгажосці і сучасная нацыя, якая намагаецца падтрымліваць адзінства мовы і культуры разам з павагай да розных традыцый і супольнасцей, якія яе насяляюць”.
Гэта, па словах Папы, спадчына шэйха Муджыбура Рахмана, які “пашыраў культуру сустрэчы і дыялогу, адметную сваёй мудрасцю і шырокім, дальнабачным позіркам”.
“Ён (Муджыбур Рахман) быў перакананы, што толькі ў плюралістычным і інклюзіўным грамадстве, дзе кожная асоба можа жыць у свабодзе, спакоі і бяспецы, толькі так можна будаваць больш справядлівы і братэрскі свет”, - сказаў Пантыфік.
Францішак прызнаўся, што меў магчымасць асабіста засведчыць гэтыя культурныя набыткі падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Бангладэш у 2017 г. Ён запэўніў, што краіна заўсёды займала асаблівае месца ў сэрцах Пантыфікаў, якія імкнуліся суправаджаць маладую дзяржаву на няпростым шляху будаўніцтва нацыі.
Папа пажадаў, каб паміж Святым Пасадам і Бангладэш працягвалі “квітнець добрыя стасункі”, і выказаў спадзяванне, што атмасфера сустрэчы і міжрэлігійнага дыялогу дазволіць вернікам краіны “свабодна вызнаваць свае найбольш глыбокія перакананні адносна сэнсу і канчатковай мэты жыцця” і такім чынам спрыяць пашырэнню духоўных каштоўнасцей – “найбольш пэўнай асновы мірнага і справядлівага грамадства”.
“Як сябар Бангладэш, я заахвочваю кожнага з вас, асабліва маладыя пакаленні, аднавіць высілкі ў працы дзеля міру і росквіту велікадушнай нацыі, якую вы прадстаўляеце. І прашу ўсіх вас працягваць праяўляць шчодрасць і аказваць гуманітарную дапамогу бежанцам, бедным і абяздоленым, а таксама тым, хто пазбаўлены права голасу”, - заклікаў Святы Айцец.