Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Славакія: Цэрквы падазраюць незаконнасць антыкавідных мер

У Славакіі з пачатку года дзейнічае поўная забарона на набажэнствы з фізічным удзелам вернікаў. Цэрквы хочуць праверыць, ці сумяшчальныя абмежаванні з канстытуцыяй.

Былы міністр замежных спраў і камісар ЕС Ян Фігель, параіўшыся з кіраўніцтвам рэлігійных супольнасцей, распачаў дзейнасць, накіраваную на праверку законнасці прынятых урадам антыкавідных мер.

Прычына – рашэнне ўрада ад 17 сакавіка 2021 г., якое падоўжыла надзвычайнае становішча на 40 дзён, уключаючы Вялікдзень. У пачатку сакавіка хрысціянскі дэмакрат Фігель звярнуўся да славацкага ўрада і Еўрапейскага суда па правах чалавека з просьбай зняць агульную забарону на набажэнствы, бо гэта супярэчыць канстытуцыі і Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека.

24 сакавіка 2021 г. Генеральны пракурор Мараш Жылінка таксама папрасіў Канстытуцыйны суд Славакіі праверыць, ці сумяшчальныя абмежаванні свабоды перамяшчэння са славацкай канстытуцыяй. Па словах пракурора, таксама падчас надзвычайнага становішча, абвешчанага ўрадам, умяшанне ў асноўныя правы павінна быць адэкватным. Меры, якія дзейнічаюць у Славакіі падчас пандэміі, перашкаджаюць ажыццяўленню правоў уласнасці, права на свабоду веравызнання, права на свабоду сходаў і права на прафесію, - лічыць пракурор Жылінка.

Ініцыятыву Фігеля падтрымалі каталіцкія біскупы. Неаднаразовыя заклікі Касцёла скарэкціраваць правілы "не былі прыняты да ўвагі прадстаўнікамі дзяржавы", - заўважыў старшыня мясцовай біскупскай канферэнцыі, арцыбіскуп Станіслаў Зваленскі з Браціславы. Спасылаючыся на ўрадавы крызіс, які працягваўся некалькі тыдняў, іерарх дадаў, што многія зразумелі негатоўнасць дзяржавы з прычыны ўнутраных спрэчак гарантаваць вернікам задавальненне іх духоўных патрэб. У гэтай сітуацыі біскупы прызналі захады Фігеля “справядлівымі і неабходнымі".

Да ініцыятывы далучыліся і кіраўнікі Праваслаўнай і Евангельска-Аўгсбургскай Цэркваў. "Было б добра, калі б дзяржаўная ўлада выказвала Цэрквам, па меншай меры, столькі павагі і зразумення, колькі Цэрквы праяўлялі яе са свайго боку ў разуменні дзеянняў дзяржавы”, - заявілі праваслаўныя іерархі.

Нядаўна славацкі ахіепіскап Кірыл Васіль прапанаваў даць вернікам, якія прышчапіліся супраць COVID-19 або вылечыліся, магчымасць наведваць набажэнствы. Апостальскі адміністратар Грэка-каталіцкай епархіі Кошыцэ лічыць гэта кампрамісным варыянтам.
 

29 сакавіка 2021, 13:08