Купал базылікі св. Пятра Купал базылікі св. Пятра 

У Ватыкане падтрымаюць акцыю Гадзіна Зямлі

Святы Пасад і сёлета падтрымае традыцыйную міжнародную ініцыятыву Гадзіна Зямлі, якую прасоўвае Сусветны фонд дзікай прыроды.

З 20.30 да 21.30 у знак салідарнасці з экалагічнымі ініцыятывамі будзе адключана асвятленне купала і фасада базылікі св. Пятра, а таксама ілюмінацыя каланады на ватыканскай плошчы.

Гадзіна Зямлі – гэта глабальная штогадовая міжнародная акцыя, якая праводзіцца ў апошнюю суботу сакавіка. У гэты дзень у прызначаны час людзі ў розных краінах свету на адну гадзіну адключаюць святло і іншыя электрапрыборы.

Сэнс акцыі – прыцягнуць максімальна шырокую ўвагу сусветнай супольнасці да праблемы змены клімату на планеце і прадэманстраваць падтрымку ідэі неабходнасці аб’яднаных дзеянняў у вырашэнні экалагічных праблем.

Святы Пасад вось ужо на працягу многіх гадоў падтрымлівае экалагічную ініцыятыву Сусветнага фонду дзікай прыроды. Да ўмацавання намаганняў у барацьбе з кліматычнымі зменамі Францішак заклікаў у сваёй энцыкліцы Laudato si’.

“Нельга думаць, што гэтыя намаганні і так не зменяць свет. Такія дзеянні кідаюць у грамадстве зерне дабра, якое заўсёды прыносіць плён, незалежна ад таго, што можна сцвердзіць візуальна. Яны распачынаюць ва ўлонні гэтай зямлі дабро, якое заўсёды мае тэндэнцыю да пашырэння, часам незаўважна. Больш за тое, практыка гэтых паводзін дае нам пачуццё годнасці, вядзе да дасканалай экзістэнцыянальнай глыбіні, дазваляе нам адчуць вартасць жыцця ў гэтым свеце (Laudato si’, 212)”, - напісаў Пантыфік у дакуменце.
 

27 сакавіка 2021, 12:25