Францішак напісаў ліст да Прэзідэнта Лівана
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У тэксце, апублікаваным у Бейруце, Францішак, спасылаючыся на словы св. Яна Паўла II, падкрэсліў, што Ліван не можа страціць сваю ідэнтычнасць і досвед братэрскага суіснавання, што зрабіла яго пасланнем для ўсяго свету. Ён яшчэ раз выказаў пажаданне, каб "візіт у Ліван і сустрэча з яго дарагім народам маглі быць рэалізаваны", і прызнаўся, што моліцца, каб ліванцы захавалі мужнасць і надзею ў гэтай складанай сітуацыі.
Пасля паездкі ў Ірак у пачатку сакавіка Святы Айцец атрымаў афіцыйнае запрашэнне ад Ауна наведаць Ліван.
У цяперашні час краіна пагружана ў беспрэцэдэнтны сацыяльна-эканамічны крызіс. Палітычны тупік працягваецца ўжо больш за восем месяцаў, дагэтуль няма ўрада, здольнага рэфармаваць краіну. Кіраўнік дзяржавы і прызначаны на пасаду прэм'ера Саад Харыры, захопленыя асабістым саперніцтвам і спрэчкамі вакол складу кабінета міністраў, не змаглі дасягнуць згоды, абвінавачваючы ў праблемах адзін аднаго.
Францішак прыняў Харыры ў Ватыкане ў мінулы чацвер. З гэтай нагоды ён заклікаў усе палітычныя сілы ў краіне тэрмінова ўзяць на сябе абавязацельствы на карысць нацыі і заявіў, што хацеў бы паехаць у Бейрут, як толькі для гэтага будуць створаны ўмовы.