Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін прэзентаваў Fratelli tutti на форуме ААН

Дзяржсакратар Яго Святасці прэзентаваў энцыкліку Францішка Fratelli tutti на форуме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у анлайн-канферэнцыі на тэму “Братэрства, шматбаковасць і мір”.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла місія Святога Пасаду пры ААН у супрацоўніцтве з Мальтыйскім ордэнам, Латэранскім універсітэтам і гуманітарнымі арганізацыямі.

Кардынал Паралін пракаментаваў папскую энцыкліку ў святле актуальных выклікаў, на якія павінна адказваць міжнародная супольнасць і ўся чалавечая сям’я. Іерарх падкрэсліў, што па-ранейшаму існуе шанс стварыць лепшы свет, але нельга паддавацца радыкальнаму эгаізму – вірусу, які найскладаней перамагчы.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца падкрэсліў, што папская энцыкліка з’яўляецца жывым і моцным дыпламатычным інструментам, які пракладвае шлях культуры братэрства, абавязковай для міжнародных адносін. Ватыканскі дыпламат, між іншым, закрануў тэму доступу да медыцынскай дапамогі, пытанне мігрантаў, гуманітарнай дапамогі і неабходнасці раззбраення.

Іерарх адзначыў, што салідарнасць, якая нараджаецца з братэрства, можа знішчыць падзелы на развітыя краіны і рэшту свету. Указаў таксама на неабхонасць адчування краінамі ўзаемнай адказнасці за дапамогу найбольш патрабуючым. У гэтым кантэксце іерарх заўважыў, што трэба абараняць правы мігрантаў і іх годнасць.

Кажучы пра неабходнасць раззбраення, кардынал Паралін назваў вялікай несправядлівасцю тое, што вялікія грошы ідуць на закупку зброі, а на гуманітарную дапамогу патрабуючым выдзяляюцца мізэрныя сумы. Такі вялікі разлад паміж пашырэннем культуры смерці і служэннем жыццю ватыканскі дыпламат назваў сусветным скандалам.
 

16 красавіка 2021, 09:32