Малітва Пантыфіка за забітую ў Перу місіянерку
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец скіраваў спачувальную тэлеграму на імя арцыбіскупа Анхеля Франсіска Сымона П’ёрна, пастыра дыяцэзіі Чымботэ, на тэрыторыі якой 50-гадовая італьянская місіянерка выконвала служэнне, кіруючы некалькімі дзіцячымі садкамі і пачатковай школай.
Дэ Мунары стала ахвярай нападу, які адбыўся ў ноч з 20 на 21 красавіка 2021 г. у адным з адукацыйных цэнтраў, дзе яна пражывала. Праз некалькі дзён яна памерла ад атрыманых ран.
Пантыфік “рашуча асуджае гэты новы выпадак насілля, што не мае апраўдання і дадаецца да шматлікіх іншых, у якіх місіянеры і місіянеркі аддалі жыццё, з ахвярнасцю служачы Евангеллю і дапамагаючы самым бедным і неабароненым”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы.
Узносячы малітвы аб вечным супакоі для душы гэтай валанцёркі і давяраючы яе заступніцтву Маці Божай, Пантыфік выказаў сваю блізкасць бацькам, сваякам і сябрам місіянеркі.
Надзя Дэ Мунары кіравала структурамі, у якіх атрымліваюць адукацыю каля 500 дзяцей з трушчобаў Нуэва Чымботэ, а таксама маглі знайсці прытулак унутраныя мігранты з бедных андыйскіх вёсак.