Надзя Дэ Мунары. Ілюстрацыйнае фота Надзя Дэ Мунары. Ілюстрацыйнае фота 

Малітва Пантыфіка за забітую ў Перу місіянерку

Папа моліцца за забітую ў Перу супрацоўніцу каталіцкай валанцёрскай місіі Operazione Mato Grosso Надзю Дэ Мунары і асудзіў насілле супраць людзей, якія служаць Евангеллю і бедным.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец скіраваў спачувальную тэлеграму на імя арцыбіскупа Анхеля Франсіска Сымона П’ёрна, пастыра дыяцэзіі Чымботэ, на тэрыторыі якой 50-гадовая італьянская місіянерка выконвала служэнне, кіруючы некалькімі дзіцячымі садкамі і пачатковай школай.

Дэ Мунары стала ахвярай нападу, які адбыўся ў ноч з 20 на 21 красавіка 2021 г. у адным з адукацыйных цэнтраў, дзе яна пражывала. Праз некалькі дзён яна памерла ад атрыманых ран.

Пантыфік “рашуча асуджае гэты новы выпадак насілля, што не мае апраўдання і дадаецца да шматлікіх іншых, у якіх місіянеры і місіянеркі аддалі жыццё, з ахвярнасцю служачы Евангеллю і дапамагаючы самым бедным і неабароненым”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы.

Узносячы малітвы аб вечным супакоі для душы гэтай валанцёркі і давяраючы яе заступніцтву Маці Божай, Пантыфік выказаў сваю блізкасць бацькам, сваякам і сябрам місіянеркі.

Надзя Дэ Мунары кіравала структурамі, у якіх атрымліваюць адукацыю каля 500 дзяцей з трушчобаў Нуэва Чымботэ, а таксама маглі знайсці прытулак унутраныя мігранты з бедных андыйскіх вёсак.
 

29 красавіка 2021, 09:11