Папскі дыпламат узяў удзел у малітве за прынца Філіпа
Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі адзначыў, што самы вялікі ўклад нябожчыка ў жыццё і росквіт Вялікабрытаніі і Садружнасці заключаецца ў тым, што ён быў "сілай і падтрымкай" Яе Вялікасці на працягу 73 гадоў іх сужэнства і 69 гадоў яе праўлення, якое пачалося ў 1952 г., калі прынцэса Елізавеце было ўсяго 26 гадоў.
Ватыканскі дыпламат заўважыў, што з гэтага моманту і да самай смерці Філіп заўсёды быў побач, некалькі крокаў ззаду, трохі ў цені. Ён дапамагаў весці манархію і каралеўскую сям'ю праз дзесяцігоддзі змен і праблем. Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што Віндзары – гэта ўнікальная сям'я, але на самой справе яна падобная на любую іншую сям'ю са сваімі радасцямі і няшчасцямі, поспехамі і няўдачамі.
Прапаведнік звярнуў асаблівую ўвагу на два іншыя вымярэнні жыцця прынца Філіпа. Ён адзначыў выдатную кар'еру нябожчыка на флоце, яго мужнасць і рашучасць. Акрамя таго, ён быў папячыцелем больш за 800 дабрачынных арганізацый.
Дзяцінства прынца прыпала на надзвычай цяжкія гады і абставіны для яго сям'і. Гэта, як і адукацыя ў эксперыментальнай дзяржаўнай школе, прывяло да таго, што ён вырас моцным чалавекам, гатовым закасаць рукавы і зрабіць усё неабходнае на службе сваёй другой Радзіме.
Магчыма, збольшага дзякуючы сваёй асабістай гісторыі, прынц шчыра цікавіўся сітуацыяй маладых людзей і іх патрэбай расці ў пошуках пазітыўнага вопыту і дасягненняў. З гэтай мэтай ён заснаваў Прэмію герцага Эдынбургскага (The Duke of Edinburgh Awards), якая дапамагла тысячам людзей і стала каштоўным інструментам у працэсе сталення многіх юнакоў і дзяўчат.