Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

COMECE: Еўраcаюз павінен адрадзіцца як супольнасць каштоўнасцей

Біскупы падтрымалі ініцыятыву Еўрапейскага парламента, Савета Еўропы і Еўрапейскай камісіі, якія з 9 мая 2021 г. абвясцілі грамадскую кампанію па абмеркаванні будучыні ЕС.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Еўрапейцы змогуць падзяліцца сваім меркаваннем падчас шэрагу дыскусій і дэбатаў. Палітыкі паабяцалі не толькі прыслухацца да іх галасоў, але і рэалізаваць рэкамендацыі. Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці падкрэсліла, што падзея можа стаць новым імпульсам для ўсяго еўрапейскага праекта.

З гэтай мэтай створаць лічбавую платформу і правядуць еўрапейскія, нацыянальныя і рэгіянальныя мерапрыемствы, на якіх людзі па ўсёй Еўропе змогуць падзяліцца ідэямі адносна праблем і прыярытэтаў, што стаяць перад кантынентам, і дапамагчы сфарміраваць агульную будучыню. "Гэта першы крок да аднаўлення даверу і ажыўлення Еўрапейскага Саюза як сапраўднай супольнасці каштоўнасцей", - напісалі біскупы.

Яны падкрэслілі, што мільёны еўрапейскіх грамадзян з'яўляюцца католікамі і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх супольнасцей, адсюль іх жаданне актыўна ўдзельнічаць у дыскусіі. "Мы паспрабуем заахвоціць нашых вернікаў прыняць удзел у гэтым праекце, асабліва калі гаворка ідзе пра моладзь, якая з'яўляецца будучыняй Еўропы", - заявілі іерархі з краін Еўрасаюза.

Сваю прыхільнасць COMECE сканцэнтруе на ўмацаванні агульнаеўрапейскіх каштоўнасцей, барацьбе са змяненнем клімату і абароне стварэння, а таксама развіцці міграцыйнай палітыкі, заснаванай на павазе да правоў і чалавечай годнасці.

Па словах біскупаў, не менш важна развіваць адзіны рынак у адпаведнасці з "каштоўнасцямі салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці, супрацоўніцтва паміж пакаленнямі, роўнасці і справядлівых экалагічных і лічбавых змен" у мэтах прасоўвання эканамічных інтарэсаў Еўрапейскага саюза на глабальным узроўні "без шкоды для асноўных еўрапейскіх каштоўнасцей".
 

08 мая 2021, 11:10