Папа Францішак падчас сустрэчы з Джонам Керы Папа Францішак падчас сустрэчы з Джонам Керы 

Джон Керы: у пытаннях клімату голас Папы важны як ніколі

У кантэксце кліматычнага крызісу сёння як ніколі важны голас Папы, лічыць спецыяльны пасланнік Прэзідэнта ЗША па пытаннях клімату Джон Керы. 15 мая 2021 г. ён наведаў Ватыкан і сустрэўся з Францішкам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Папа – гэта голас розуму і высокі маральны аўтарытэт у пытаннях кліматычнага крызісу. Ён стаў прадвеснікам, апярэдзіўшы час. Яго энцыкліка Laudato si’ – гэта па-сапраўднаму вельмі моцны, красамоўны і пераканаўчы з маральнага пункту гледжання дакумент”, - сказаў Керы ў інтэрв’ю Vatican News пасля аўдыенцыі ў Святога Айца.

Пасланнік Прэзідэнта ЗША выказаў спадзяванне, што Францішак зможа прыняць удзел у Канферэнцыі ААН па змене клімату, якая адбудзецца ў лістападзе 2021 г. у Глазга. “Мы ўсе патрабуем яго ў гэтай барацьбе. Усе сусветныя лідары павінны аб’яднацца і кожная краіна павінна зрабіць тое, што залежыць ад яе. Я думаю, што Святы Айцец мог бы прамовіць з выключным маральным аўтарытэтам”, - дадаў ён.

ЗША знаходзяцца на другім месцы ў свеце па выкідах парніковых газаў пасля Кітая. У гэтым кантэксце Джо Байден паставіў за мэту скараціць выкіды на 50-52% цягам бліжэйшага дзесяцігоддзя. “Але трэба, каб і іншыя краіны з вялікім аб’ёмам выкідаў парніковых газаў ішлі ў гэтым кірунку”, - сказаў Керы, падкрэсліваючы што ў адзіночку праблему вырашыць немагчыма. “Нашы выкіды складаюць 11% ад сусветнага аб’ёму. Такім чынам 89% тычыцца іншых краін. 20 краін свету адказныя за прыблізна 73-75% выкідаў, гэта найбольш развітыя краіны свету, якія маюць асаблівую адказнасць”, - сцвердзіў амерыканскі дыпламат, падкрэсліваючы, што заклік Папы быў бы стаць вельмі важным для стымулявання дзейнасць дзяржаў.

“Святы Айцец мае адзін з самых аўтарытэтных галасоў на планеце, калі не самы аўтарытэтны. Яго заклік да людзей зрабіць крок наперад, быць разважлівымі і адказнымі ў клопаце аб Божым стварэнні, быў надзвычай красамоўным. Мы ўсе павінны быць адказнымі за стварэнне: вось сутнасць яго паслання. Паколькі ён знаходзіцца па-за палітыкай і нацыянальнымі канфліктамі, я думаю, што ён мог бы крыху ўзварухнуць людзей і дапамагчы ім сесці за стол перамоў дзеля нашага супольнага абавязку. Гэта праўда, што Ватыкан – маленькая дзяржава, але “статак” – вялізарны на глабальным узроўні. Яго Святасць Папа Францішак мае здольнасць стымуляваць дзейнасць дзяржаў. Ён мае здольнасць заахвоціць грамадзян многіх краін прасіць свае ўлады быць адказнымі і рабіць усё неабходнае для захавання планеты”, - падзяліўся Джон Керы.
 

17 мая 2021, 10:14