Пошук

Лагатып праекту Iter Europaeum Лагатып праекту Iter Europaeum 

Iter Europaeum: праект да 50-годдзя дыпадносін Святога Пасаду і ЕС

У рамках святкавання 50-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і ЕС у Рыме пройдзе ініцыятыва пад назвай Iter Europaeum. Яна была прадстаўлена ў Ватыкане 3 мая 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Мэта праекта – парадэманстраваць і ўмацаваць глыбокія сувязі паміж Еўрапейскім Саюзам і Апостальскай Сталіцай. Для гэтага кожная з 27-мі дзяржаў, якія ўваходзяць у склад Еўрасаюза, выбрала адзін з рымскім касцёлаў, з якім мае асаблівую гістарычную сувязь, і правядзе ў ім адмысловыя набажэнствы, экскурсіі ці вечары духоўнай музыкі.

Ініцыятыва распачнецца 9 мая 2021 г. урачыстай св. Імшой у базыліцы св. Яна на Латэране, якую будзе цэлебраваць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс.

Пасля літургіі яе ўдзельнікі наведаюць базыліку Санці-Кватра-Каранаці, якая была выбрана Латвіяй. Потым адбудзецца візіт у базыліку св. Клемента, якую выбрала Чэхія, і завершыцца дзень наведваннем касцёла Санта-Стэфана-Ратонда-Аль-Чэліа, выбранага Венгрыяй.

Сустрэчы ў рамках Iter Europaeum будуць праводзіцца кожную нядзелю да 27 чэрвеня. Кожны раз іх удзельнікі змогуць наведаць тры храмы, прычым не толькі каталіцкія: Германія запрашае наведаць рымскую лютэранскую кірху, а Румынія – праваслаўную царкву.

На жаль, у сувязі з пандэміяй каронавіруса далучыцца да ініцыятывы можна будзе выключна па асабістым запрашэнні, а колькасць патэнцыйных удзельнікаў – абмежавана.

Дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Еўрапейскім Саюзам былі заключаны 10 лістапада 1970 г.

 

04 мая 2021, 12:18