Iter Europaeum: праект да 50-годдзя дыпадносін Святога Пасаду і ЕС
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Мэта праекта – парадэманстраваць і ўмацаваць глыбокія сувязі паміж Еўрапейскім Саюзам і Апостальскай Сталіцай. Для гэтага кожная з 27-мі дзяржаў, якія ўваходзяць у склад Еўрасаюза, выбрала адзін з рымскім касцёлаў, з якім мае асаблівую гістарычную сувязь, і правядзе ў ім адмысловыя набажэнствы, экскурсіі ці вечары духоўнай музыкі.
Ініцыятыва распачнецца 9 мая 2021 г. урачыстай св. Імшой у базыліцы св. Яна на Латэране, якую будзе цэлебраваць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс.
Пасля літургіі яе ўдзельнікі наведаюць базыліку Санці-Кватра-Каранаці, якая была выбрана Латвіяй. Потым адбудзецца візіт у базыліку св. Клемента, якую выбрала Чэхія, і завершыцца дзень наведваннем касцёла Санта-Стэфана-Ратонда-Аль-Чэліа, выбранага Венгрыяй.
Сустрэчы ў рамках Iter Europaeum будуць праводзіцца кожную нядзелю да 27 чэрвеня. Кожны раз іх удзельнікі змогуць наведаць тры храмы, прычым не толькі каталіцкія: Германія запрашае наведаць рымскую лютэранскую кірху, а Румынія – праваслаўную царкву.
На жаль, у сувязі з пандэміяй каронавіруса далучыцца да ініцыятывы можна будзе выключна па асабістым запрашэнні, а колькасць патэнцыйных удзельнікаў – абмежавана.
Дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Еўрапейскім Саюзам былі заключаны 10 лістапада 1970 г.