М’янма: кардынал Бо асудзіў абстрэл будынка касцёла ў штаце Кая
Ян Глінскі – Vatican News
24 мая 2021 г. будынак касцёла ў штаце Кая быў атакаваны мінамётамі. У выніку абстрэлу загінулі чатыры асобы, ёсць параненыя. Многія, ратуючыся ад абстрэлу, схаваліся ў джунглях. Сярод іх – параненыя, жанчыны, дзеці і старэйшыя мужчыны, якія не маюць ежы і патрабуюць медыцынскай дапамогі.
“Няма магчымасці, каб дабрацца да іх. Гэта вялікая гуманітарная трагедыя”, – адзначыў старшыня Федэрацыі епіскапатаў Азіі.
Арцыбіскуп Янгона назваў дзеянні ваенных “нізкімі”, бо ў святыні знаходзіліся безабаронныя і спалоханыя жанчыны і дзеці. “Гэтыя людзі не мелі нават зброі, уцякалі ў касцёл, каб абараніць сябе і дзяцей. Кроў, якая была праліта, не была кроўю ворагаў”, - сказаў кардынал Бо.
Як нагадаў кардынал Бо, паводле Гаагскай канвенцыі, месцы культу, школы і бальніцы ў перыяд ваеннага канфлікту знаходзяцца пад міжнароднай аховай.
Іерарх таксама выказаў непакой адносна таго, што можа выбухнуць чарговая хваля заражэнняў COVID-19. Па словах арцыбіскупа, “каранавірус пазбавіў тысячы людзей сродкаў для жыцця і ўвёў іх у страшэнную галечу і голад”.
Ваенны пераварот у М’янме адбыўся ў пачатку лютага 2021 г. Пасля парламенцкіх выбараў улада была захоплена ваеннымі гэтай краіны. Па ўсёй М’янме распачаліся пратэсты, якія армія падаўляе бязлітасна і крывава. У выніку вулічных сутыкненняў загінулі прынамсі 818 чалавек. Аналітыкі падкрэсліваюць, што гэтая канфрантацыя можа хутка пераўтварыцца ў рэгулярную грамадзянскую вайну. ААН асцерагаецца, што неўзабаве ў М’янме дойдзе да гуманітарнай катастрофы, асабліва ў імправізаваных лагерах для бежанцаў у лясах.
Кая, дзе 75 працэнтаў жыхароў належаць да этнічных меншасцяў, з’яўляецца штатам з найбольшай колькасцю хрысціянаў. Місіянеры прыбылі ў гэтыя рэгіёны ў другой палове XIX стагоддзя. Сёння тут налічваецца звыш 90 тысяч католікаў з 355 тысяч жыхароў.