Арцыбіскуп Вінчэнца Палья Арцыбіскуп Вінчэнца Палья 

Арцыбіскуп Палья ўхваліў рашэнне ЗША адносна патэнтаў на вакцыны

“Вельмі мудрым рашэннем” назваў арцыбіскуп Вінчэнца Палья намер прэзідэнта ЗША Джо Байдэна часова адмяніць правы інтэлектуальнай уласнасці да патэнтаў на вакцыны супраць COVID-19.

Ян Глінскі - Vatican News

Старшыня Папскай акадэміі жыцця лічыць гэта праяўленнем “планетарнага позірку, а не індывідуальнага”. Да адмены патэнтаў заклікаў таксама Папа Францішак.

У размове з аргентынскім агенцтвам Telam арцыбіскуп Палья патлумачыў, што неабходнасць адмаўлення ад патэнтаў вынікае не толькі з пункту гледжання справядлівасці, але і з агульнага “інтарэсу”, бо “вірус не ведае ні законаў, ні межаў”.

Іерарх нагадаў, што Францішак неаднойчы заклікаў да масавай вытворчасці вакцыны і яе размеркаванні сярод усіх без выключэння.

“Я за тое, каб на акрэслены час, пакуль усе не атрымаюць вакцыну, прыпыніць права ўласнасці да патэнтаў”, - сцвердзіў старшыня Папскай акадэміі жыцця. На яго думку, “супольнае дабро ў гэтым выпадку з’яўляецца дастатковай прычынай, каб прыпыніць слушныя правы навукоўцаў”, якія стварылі вакцыны.

ЗША, як і Еўрасаюз, да гэтага часу не давалі згоду на такое выйсце, нягледзячы на недахоп вакцын і павелічэнне колькасці інфіцыяваных у свеце.

“Сусветны санітарны крызіс і надзвычайныя акалічнасці пандэміі COVID-19 патрабуюць надзвычайных ахоўных сродкаў”, - патлумачыла прадстаўніца ЗША ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) Катрын Тай, дадаўшы пры гэтым, што З’яднаныя Штаты возьмуць удзел у перамовах у межах WTO, каб паспрыяць прыпыненню дзеяння патэнта на вакцыны.

 

07 мая 2021, 14:00