Рэлігійныя лідары супраць вакцынацыйнага нацыяналізму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Хрысціяне, мусульмане, юдэі і будысты заклікалі кіраўніцтва дзяржаў і фармацэўтычных кампаній спрыяць глабальнаму і ўсеагульнаму доступу да вакцын.
Сярод каталіцкіх падпісантаў: кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і францішкане з Асізі.
Зварот з’явіўся ў кантэксце Народнага альянсу вакцын (People’s Vaccine Alliance), кааліцыі арганізацый, якія працуюць на карысць адмовы ад патэнтаў на інтэлектуальную ўласнасць на вакцыну супраць COVID-19.
У тэксце падкрэсліваецца, што існуе трывожная дыспрапорцыя паміж багатымі краінамі, фінансава здольнымі забяспечыць вакцынай сваё насельніцтва, і большасцю краін з сярэднім і нізкім узроўнем даходу, дзе вакцыны толькі пачынаюць распаўсюджвацца.
Доступ да выратавальных вакцын не можа залежаць ад багацця, статусу і нацыянальнасці. Мы не можам пазбягаць адказнасці перад нашымі сёстрамі і братамі, мяркуючы, што рынак можа вырашыць крызіс або робячы выгляд, што мы не маем абавязку перад іншымі, - напісалі рэлігійныя лідары. Адсюль заклік да палітыкаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектара пашырыць і паскорыць вытворчасць вакцын, зрабіць іх даступнымі для ўсіх у свеце.