Брытанскі палітык: Папа адыгрывае вялікую ролю ў барацьбе за мір
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваю чаргу, пасля размовы з прэфектам Дыкастэрыі па камунікацый Паола Руфіні англійскі дыпламат адзначыў, што Апостальская Сталіца можа дапамагчы ў барацьбе за свабоду сусветных СМІ і свабодны доступ журналістаў да інфармацыі.
Палітык падкрэсліў, што сіла Святога Пасаду ў прадухіленні канфліктаў і пабудове міру вынікае з асабістага маральнага аўтарытэту Францішка і мае значна больш чым проста сімвалічны характар.
“У Касцёла ёсць інструменты, якія мабілізуюць бакі канфлікту зблізіцца і сустрэцца за сталом перамоў", - сказаў Ахмад у інтэрв’ю Vatican News.
“Гэта было найлепш прадэманстравана нядаўнім візітам Папы ў Ірак, дзе мы сталі сведкамі сапраўднага пераадолення разрозненасці паміж супольнасцямі, сапраўднага вылячэння і прымірэння. Нават не трэба было казаць слоў. Мы ўбачылі сілу прымірэння і рэлігійных лідараў, аб'яднаных ва ўзаемным сяброўстве”, - заўважыў брытанец.
На яго думку, сіла адзінства таксама можа дапамагчы ў барацьбе за свабоду СМІ, што вельмі важна ў працэсе пабудовы міру. “Памятайма, што першай ахвярай любога ўзброенага канфлікту з'яўляецца свабода медыя. Калі журналісты становяцца аб'ектам нападаў і пазбаўляюцца магчымасці каментаваць падзеі, то можна мець упэўненасць, што парушаюцца правы чалавека”, - сказаў Ахмад.
Ён выказаў спадзяванне, што Святы Пасад далучыцца да Кааліцыі за свабоду СМІ, якая была створана ў ліпені 2019 г. у Лондане і да якой ужо далучыліся 50 краін. “Я думаю, што гэта быў бы не проста сімвалічны жэст, а важны ўклад", - падкрэсліў дзяржміністр брытанскага МЗС.