Францішак падчас сустрэчы з Мішэлем Хададам Францішак падчас сустрэчы з Мішэлем Хададам 

На мыліцах праз Арктыку: Папа сустрэўся з незвычайным атлетам

Святы Айцец удзяліў благаслаўленне часткова паралізаванаму ліванскаму спартсмену, які збіраецца ў пешае падарожжа праз Арктыку і падкрэслівае, што “інваліднасць – гэта стан духа”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Памаліся за мяне, калі будзеш там”, - з такім словамі Папа звярнуўся да Мішэля Хадада, прафесійнага атлета і Пасла добрай волі ААН у пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Пантыфік сустрэўся з ім падчас агульнай аўдыенцыі, якая 2 чэрвеня 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Хадад распавёў Святому Айцу сваю гісторыю і падзяліўся неверагоднымі планамі: пераадолець пешшу 100 кіламетраў праз Арктыку ў кірунку Паўночнага полюса. Складанасць місіі заключаецца ў тым, што спартсмен мае парушэнні маторных функцый. Падчас здарэння на водным матацыкле, якое ён перажыў у 6-гадовым узросце, у яго было паралізавана 75% цела. Але не была паралізавана воля.

Спачатку Мішэль перасоўваўся на інвалідным вазку, потым на мыліцах, цяпер у яго распараджэнні ёсць экзашкілет. Дзякуючы цяжкім трэніроўкам і дапамозе медыкаў ён ходзіць на лыжах і займаецца альпінізмам, утрымліваючы тры сусветныя рэкорды.

“Няма нічога немагчымага. Як чалавек, які не можа хадзіць, уставаць і садзіцца самастойна, я вырашыў даследаваць мой патэнцыял. Я зразумеў, што няма нічога немагчымага. Ўсё гэта дзякуючы дзвюм рэчам: веры і рашучасці. Веры ў нашага Стварыцеля і веры ў самаго сябе”, - сказаў Хадад у каментары для Vatican News.

Полымя хрысціянскай веры ў сэрцы прывяло Мішэля да ўдзелу ў шматлікіх кампаніях з мэтай прыцягнення ўвагі да людзей у такой самай сітуацыі, у якой апынуўся ён. Хадад ужо ўздымаўся на горныя вяршыні, праходзіў праз пустыні, удзельнічаў у двух дабрачынных марафонах, каб сабраць грошы на адбудову бальніцы ў Бейруце, знішчанай выбухам у жніўні 2020 г. Цяпер яго чакае новы выклік.

“Прайсці 100 кіламетраў да Паўночнага полюса – гэта не толькі пасланне, але таксама ўклад у навуку”, - сказаў актывіст, падкрэсліваючы, што яго місія паспрыяе даследаванням, якія павінны даць магчымасць людзям зноў хадзіць з дапамогай новых сістэм.

Францішак благаславіў атлета і папрасіў памятаць пра яго ў малітве, а гэта, як прызнаўся Мішэль Хадад, дадае яму сіл.
 

03 чэрвеня 2021, 12:30