Папскі фонд заклікае да салідарнасці з Ліванам
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Будучае хрысціянства ў рэгіёне яго паходжання з гадамі становіцца ўсё больш змрочным, - гаворыцца ў заяве выканаўчага старшыні дабрачыннай арганізацыі Томаса Хайнэ-Гельдэрна. Зыход хрысціян з Лівана і рэгіёна працягваецца. Краіну раздзіраюць палітычная нестабільнасць, карупцыя і эканамічны крызіс. Выбух у порце Бейрута ў жніўні 2020 г. справакаваў гуманітарную катастрофу. У выніку пандэміі каронавіруса і эканамічных цяжкасцей можа наступіць голад.
Папскі фонд у цяперашні час падтрымлівае 50 праектаў у Ліване. У асноўным яны тычацца рэканструкцыі хрысціянскага квартала Бейрута.
Вырашальнае значэнне мае супрацоўніцтва хрысціянскіх Цэркваў краіны. Яны з'яўляюцца кантактнымі пунктамі для насельніцтва, якое адчувае нястачу, і для многіх бежанцаў з Сірыі і Ірака, якія шукаюць бяспекі, - лічыць Хайнэ-Гельдэрн.
Дапамога Касцёлу ў патрэбе – гэта міжнародная каталіцкая дабрачынная арганізацыя, якая ў снежня 2011 г. атрымала статус Папскага фонду. Яе афіцыйны цэнтр знаходзіцца ў Ватыкане, а міжнародная штаб-кватэра – у нямецкім Кёнігштайне.
Тыдзень таму Францішак абвясціў аб правядзенні дня рэфлексіі і малітвы ў інтэнцыі міру ў Ліване. Ён запрасіў на 1 ліпеня 2021 г. у Ватыкан лідараў усіх хрысціянскіх супольнасцей краіны.