Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад атрымаў афіцыйны статус у СААЗ

Святы Пасад будзе ўдзельнічаць у працы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці назіральніка. Рэзалюцыя была прадстаўлена Італіяй і падтрымана дзясяткамі краін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

31 мая 2021 г. падчас пленарнага пасяджэння 74-й Сусветнай асамблеі аховы здароўя ў Жэневе кансенсусам была прынята Рэзалюцыя пад назвай Удзел Святога Пасаду ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (Participation of the Holy See in the World Health Organization), з якой ён фармальна стаў назіральнікам у Арганізацыі.

Шырокі кансенсус, які прывёў да прыняцця Рэзалюцыі, сведчыць пра высокую ацэнку з боку міжнароднай супольнасці працы Касцёла ў галіне аховы здароўя, дабрачыннасці і дапамогі людзям, якія жывуць у нястачы, і садзейнічання Святога Пасаду шматбаковаму дыялогу ў свеце.

З 1953 г. Святы Пасад удзельнічае ў сесіях Сусветнай асамблеі аховы здароўя ў якасці назіральніка ad casum пасля спецыяльных запрашэнняў Генеральнага дырэктара СААЗ. Святы Пасад таксама рэгулярна запрашалі на пасяджэнні кіруючых органаў арганізацыі.

Усе ўдзельнікі другой Сусветнай асамблеі аховы здароўя, якая адбылася ў Рыме ў чэрвені 1949 г., былі прыняты Піем XII на аўдыенцыі ў Ватыкане.
 

01 чэрвеня 2021, 12:21