Званы катэдры Вашынгтона загучалі ў памяць аб ахвярах COVID-19
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Злучаных Штатах колькасць ахвяр віруса, па розных дадзеных, набліжаецца ці ўжо перавысіла 600 тыс. Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў (CDC) па стане на 10 чэрвеня 2021 г. ацэньвалі агульную колькасць памерлых ад каронавіруса ў 596 059 чалавек.
Апошні раз званы Вашынгтонскай нацыянальнай катэдры гучалі ў памяць аб ахвярах пандэміі 15 снежня 2020 г., калі іх колькасць дасягнула 300 тыс.
“Мы б’ём у гэты 12-тонны звон на ўсіх пахаваннях, якія адбываюцца ў катэдры. Падчас пахавання мы аплакваем страту, але таксама ўшаноўваем жыццё нашых блізкіх і абнаўляем надзею на ўваскрашэнне. (...) Гэты жэст не можа замяніць страчанага жыцця, але мы спадзяёмся, што ён дапаможа кожнаму амерыканцу перажыць страту падчас пандэміі”, - патлумачылі аўтары ініцыятывы.
Паводле дадзеных Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў, амаль 52% усіх амерыканцаў атрымалі, па меншай меры, адну дозу вакцыны супраць каронавіруса, а 42,6% прайшлі ўсе этапы вакцынацыі.
Усяго за час пандэміі ў ЗША, па дадзеных Універсітэта Джонса Хопкінса, выяўлены 33 427 121 выпадак заражэння COVID-19.