У Балівію трапілі апараты ШВЛ – дар Пантыфіка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Два дыхальныя апараты, якія маюць ключавое значэнне для выратавання людзей з цяжкімі захворваннямі, былі перададзены ў Медыцынскі цэнтр св. Яна Паўла ІІ у Арура, якім кіруе Каталіцкі Касцёл, і ў дзяржаўную бальніцу ў Качабамбе, адным з буйных балівійскіх гарадоў. Тут рэгіструецца самы высокі ўзровень заражэння каронавірусам.
У паведамленні Апостальскай нунцыятуры падкрэсліваецца, што гэтым жэстам Папа імкнецца дадаць кроплю вады ў велізарны акіян салідарнасці, дэманструючы блізкасць да балівійскага народа ў яго барацьбе з пандэміяй.
Францішак рэгулярна аказвае падтрымку краінам, пацярпелым ад пандэміі COVID-19, асабліва тым, дзе слабая сістэма аховы здароўя. З дапамогай нунцыятур шпіталям самых бедных краін свету перадаюцца дарагія апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. Найбольшая колькасць прылад трапляе ў краіны Лацінскай Амерыкі, якія на дадзены момант з’яўляюцца эпіцэнтрамі пандэміі.