Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Балівію трапілі апараты ШВЛ – дар Пантыфіка

Апостальская нунцыятура ў Балівіі ўручыла апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, падораныя Францішкам, медыцынскім цэнтрам дыяцэзій Арура і Качабамба.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Два дыхальныя апараты, якія маюць ключавое значэнне для выратавання людзей з цяжкімі захворваннямі, былі перададзены ў Медыцынскі цэнтр св. Яна Паўла ІІ у Арура, якім кіруе Каталіцкі Касцёл, і ў дзяржаўную бальніцу ў Качабамбе, адным з буйных балівійскіх гарадоў. Тут рэгіструецца самы высокі ўзровень заражэння каронавірусам.

У паведамленні Апостальскай нунцыятуры падкрэсліваецца, што гэтым жэстам Папа імкнецца дадаць кроплю вады ў велізарны акіян салідарнасці, дэманструючы блізкасць да балівійскага народа ў яго барацьбе з пандэміяй.

Францішак рэгулярна аказвае падтрымку краінам, пацярпелым ад пандэміі COVID-19, асабліва тым, дзе слабая сістэма аховы здароўя. З дапамогай нунцыятур шпіталям самых бедных краін свету перадаюцца дарагія апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. Найбольшая колькасць прылад трапляе ў краіны Лацінскай Амерыкі, якія на дадзены момант з’яўляюцца эпіцэнтрамі пандэміі.
 

23 ліпеня 2021, 13:21