Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Caritas заклікае да справядлівых падаткаў ад буйных канцэрнаў

Caritas Internationalis заклікала да больш справядлівых падаткаў ад транснацыянальных горназдабыўных карпарацый і большай празрыстасці ў кіраванні прыроднымі рэсурсамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Самая буйная касцёльная гуманітарная арганізацыя нагадала, што з велізарнымі рэсурсамі радовішчаў на афрыканскім кантыненце і ў многіх краінах Поўдня часта звязана карупцыя і матэрыяльная беднасць.

Напрыклад, гаворка ідзе пра Сьера-Леонэ, краіну, багатую на алмазы і іншыя каштоўныя карысныя выкапні, дзе здабыча прыносіць больш за 80% экспартнага даходу. Аднак тут перавагі маюць шматнацыянальныя горназдабыўныя кампаніі, дзякуючы спрыяльным сістэмам падаткаабкладання, на шкоду мясцоваму насельніцтву, якое жыве ў галечы.

Гэтае пытанне стала тэмай навуковага семінара пад назвай "Закапаны скарб – багацце, якое здабыўныя кампаніі хаваюць ва ўсім свеце", арганізаванага ў Фрытаўне асацыяцыяй Women on Mining and Extractive Sierra Leone, якая аб’ядноўвае жанчын, занятых у здабыўнай галіне.

Форум быў прысвечаны дакладу, апублікаванаму Oxfam-Australia аб "схаваным багацці" буйных горназдабыўных кампаній па ўсім свеце, назапашаным дзякуючы ўхіленню ад падаткаў у краінах, дзе яны працуюць, з акцэнтам на Сьера-Леонэ.

Айцец Пітэр Контэх, дырэктар нацыянальнай Caritas, лічыць, што ўхіленне ад выплаты падаткаў транснацыянальнымі кампаніямі з'яўляецца глабальнай праблемай, якая закранае ўсе краіны свету.

Сутыкнуўшыся з такой сітуацыяй, яшчэ больш абцяжаранай крызісам COVID-19, які рэзка скараціў падатковыя паступленні і павялічыў выдаткі на ахову здароўя і сацыяльнае забеспячэнне, па словах святара, існуе тэрміновая неабходнасць стварэння "празрыстай, справядлівай і інклюзіўнай падатковай сістэмы". На практыцы гэта азначае ліквідацыю прабелаў у падатковай сістэме, якая выкарыстоўваецца шматнацыянальнымі кампаніямі, каб пазбегнуць выплаты належнай часткі падаткаў, а таксама празрыстае кіраванне дзяржаўнымі саступкамі і падатковымі паступленнямі ад горназдабыўнога сектара. Такім чынам, заключыў дырэктар Caritas, "мы зможам здабыць скарб, які Бог даў людзям Сьера-Леонэ і які горныя кампаніі хаваюць ад нас".
 

10 жніўня 2021, 12:12