Хрысціянска-мусульманскі камітэт з занепакоенасцю аб Афганістане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Міжрэлігійны орган, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, заклікаў абараняць правы і годнасць чалавека. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб статусе жанчын у Афганістане.
У заяве, апублікаванай 20 жніўня 2021 г., гаворыцца, што Камітэт "з вялікай заклапочанасцю сочыць за сітуацыяй у Афганістане", галоўным чынам з улікам паглыблення там гуманітарнага крызісу. Аўтары заклікалі новы ўрад краіны "паважаць этнічную, моўную і рэлігійную разнастайнасць афганскага грамадства без маргіналізацыі любой з груп і гарантаваць роўнасць усім".
Хрысціянска-мусульманскі камітэт па чалавечым братэрстве – адзін з эфектаў візіту Папы ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты 3-5 лютага 2019 г. У Абу-Дабі Святы Айцец і Вялікі імам Аль-Азхар падпісалі сумесны Дакумент аб чалавечым братэрстве, які рыхтаваўся больш за паўтара года. Мэта Камітэта, афіцыйна створанага 19 жніўня 2019 г., – рэалізаваць палажэнні дакумента і "натхніць усіх людзей жыць каштоўнасцямі чалавечага братэрства".