Open Doors: каля 309 мільёнаў хрысціян сустракаюцца з пераследам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Як вынікае з апублікаванай гэтай арганізацыяй статыстычнага агляду сітуацыі з пераследам хрысціян у свеце за 2020 г., каля 309 мільёнаў вызнаўцаў Хрыста пакутуюць ад выгнання, нагляду і дыскрымінацыі з боку ўладаў, грамадства ці ўласнай сям’і.
Маніторынг ахоплівае 50 краін, у якіх хрысціяне найбольш падвяргаюцца пераследу. Аналіз выразна паказвае, што ў мінулым годзе “значна абвастрылася інтэнсіўнасць ганенняў”. Напрыклад, колькасць хрысціян, забітых за веру, узрасла з 2983 у 2019 г. да па меншай меры 4761 у 2020 г.
На першым месцы сусветнага індэксу ўжо ў дваццаты раз падрад апынулася Паўночная Карэя. Наступныя месцы занялі Афганістан, Самалі, Лівія, Пакістан і Эрытрэя. За імі ідуць Емен, Іран, Нігерыя, Індыя, Ірак, Сірыя, Судан, Саўдаўская Аравія і Мальдывы.
Адзначаецца, што становішча хрысціян пагоршыла пандэмія каронавіруса. У многіх азіяцкіх краінах, сярод іншых у Індыі, хрысціяне не атрымліваюць ніякай дапамогі з боку дзяржавы або гэта дапамога з’яўляецца сімвалічнай. У некаторых краінах заходняй і цэнтральнай Афрыкі групы ісламістаў карыстаюцца абмежавальнымі мерамі, звязанымі з пандэміяй, каб умацаваць напады на хрысціян.
Звяртаецца ўвага на рост праяў нянавісці да хрысціян у Індыі. У гэтай краіне абмяжоўваецца замежнае фінансаванне няўрадавых арганізацый, што закранае большасць хрысціянскіх арганізацый, а таксама парафій, школ і шпіталёў. У васьмі з 28-мі штатаў Індыі забаронена публічнае вызнанне хрысціянскай веры, а таксама прадугледжаны пакарананні за пераход у хрысціянства.
Складанай застаецца сітуацыя ў паўночным Іраку, дзе хрысціяне, якія знайшлі тут прытулак, ратуючыся ад ісламістаў, павінны былі зноў эміграваць у сувязі з наступленнем турэцкіх войск. Хрысціяне прымушаюцца да ўцёкаў таксама з паўночна-усходняй Сірыі, куды мэтанакіравана перасяляюцца бежанцы мусульманскага веравызнання з іншых частак краіны.
Паводле інфармацыі Open Doors, больш за ўсё хрысціян загінула за веру ў Афрыцы. Напрыклад у Нігерыі за час пандэміі былі забіты 3530 вызнаўцаў Хрыста. У сумным рэйтынгу смяротна небяспечных для хрысціян краін за Нігерыяй ідуць Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Мазамбік.