Наступствы землятрусу на Гаіці Наступствы землятрусу на Гаіці 

Францішак спачувае ахвярам землятрусу на Гаіці

Міжнародная супольнасць павінна быць салідарнай з насельнцітвам Гаіці, - адзначыў Францішак пасля малітвы Анёл Панскі, якая 15 жніўня 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У мінулыя гадзіны на Гаіці адбыўся моцны землятрус, які справакаваў гібель і раненне мноства людзей і прычыніў сур’ёзную матэрыяльную шкоду. Прагну выказаць маю блізкасць дарагому насельніцтву, якое моцна пацярпела ад катаклізму. Узносячы да Пана маю малітву за ахвяр, скіроўваю словы падтрымкі тым, хто выжыў, і выказваю пажаданне, каб іх дасягнула дзейсная зацікаўленасць міжнароднай супольнасці: салідарнасць усіх можа аблегчыць наступствы трагедыі”, - сказаў Папа, заклікаючы да малітвы за насельніцтва Гаіці.

Землятрус магнітудай 7,2 адбыўся 14 жніўня 2021 г. ля берагоў заходняй часткі Гаіці. Эпіцэнтр падземных штуршкоў знаходзіўся ў васьмі кіламетрах ад невялікага населенага пункта Пэці-Тру-дэ-Ніп. Паводле папярэдніх дадзеных, загінулі па меншай меры 300 чалавек, а траўмы атрымалі больш за 1700 чалавек.
 

15 жніўня 2021, 13:37