Дзяржсакратар на святкаванні 30-годдзя незалежнасці Украіны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
24 жніўня 2021 г. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прымае ўдзел у галоўных урачыстасцях у Кіеве.
Напярэдадні ў аэрапорце Барыспаль госця віталі прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай і Рыма-Каталіцкай Цэркваў. Вярхоўнага архіепіскапа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука прадстаўляў архіепіскап Філадэльфійскі Барыс Гудзяк, ад імя рыма-каталіцкай супольнасці кардынала вітаў арцыбіскуп Львоўскі Мечыслаў Макшыцкі.
Падчас размовы з Дзяржсакратаром архіепіскап Гудзяк падкрэсліў важнасць візіту найбліжэйшага супрацоўніка Пантыфіка як для Украіны, так і для вернікаў Каталіцкага Касцёла. Ён прыгадаў папярэдні візіт кард. Параліна, які адбыўся ў чэрвені 2016 г., калі праводзілася дабрачынная акцыя "Папа для Украіны".
Падчас нефармальнай размовы кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду сказаў, што Францішак памятае ў сваіх малітвах пра Украіну і хоча прыехаць сюды, хоць такі візіт пакуль не плануецца. Прадстаўнік Папы пацікавіўся сітуацыяй у краіне, выкліканай распаўсюджваннем каронавіруса, і жыццём касцёльнай супольнасці ва ўмовах пандэміі.
У той жа дзень адбылася сустрэча Дзяржсакратара Яго Святасці з прэм'ер-міністрам Украіны. Кард. Паралін і Дзяніс Шмыгаль абмеркавалі пытанне заключэння Мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж Міністэрствам аховы здароўя Украіны і ватыканскай дзіцячай бальніцай Bambino Gesu.
“Мы лічым, што надзвычай перспектыўным напрамкам з'яўляецца пашырэнне магчымасці супрацоўніцтва ў сферы культуры, у прыватнасці ўсталяванне пастаянных партнёрскіх адносін паміж музейнымі ўстановамі нашых краін", - сказаў прэм'ер.
Шмыгаль таксама пацвердзіў запрашэнне Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага да Яго Святасці Францішка наведаць Украіну, што стане выдатнай магчымасцю адзначыць 20-годдзе пілігрымкі Яна Паўла ІІ.
"Візіт, які мае строга дыпламатычны і пратакольны характар, з'яўляецца сведчаннем блізкасці і ўвагі Святога Пасаду да Украіны ў той час, калі яна адзначае такую значную гадавіну", - гаворыцца ў заяве Апостальскай нунцыятуры ва Украіне.