Cусветная Рада Цэркваў заклікае да дапамогі ахвярам пажараў
Ян Глінскі - Vatican News
Карта сістэмы NASA, якая маніторыць маштабы пажараў на Зямлі і паказвае іх лакалізацыю ў рэжыме рэальнага часу, ужо шмат дзён адлюстроўвае малюнак практычна цалкам чырвонага колеру. Агонь спусташае Грэцыю, Лацінскую Амерыку, ЗША, вялікія тэрыторыі азіяцкага кантыненту і Аўстраліі. Відаць на ёй таксама палаючыя абшары Афрыкі, пераважна ў Алжыры, Замбіі, Анголе, Малаві і на Мадагаскары.
Прадстаўляючы справаздачу Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату (IPCC) генеральны сакаратар ААН назваў сітуацыю “чырвоным кодам” для ўсяго чалавецтва. Як заўважыў Антоніу Гутэрыш, мы небяспечна блізка падышлі да парогу глабальнага пацяплення.
“Праблема не вырашана дэкрэтамі і законамі, – падкрэсліў у сваю чаргу Андрэа Масула, саветнік міністра аховы навакольнага асяроддзя Італіі. – Неабходны канкрэтныя дзеянні, якія будуць непасрэдна папярэднічаць кожнаму летняму сезону”.
Адной з прычын пажараў Масула назваў “занядбанні ў клопаце пра лясы”, у якіх не прыбіраюць сухія галіны. “Адным з найбольш негатыўных наступстваў пажараў з’яўляецца эрозія глебы. Не будзем таксама забываць, што, калі гараць лясы, у атмасферу вылучаецца вялікая колькасць вуглякіслага газу, што аслабляе нашыя дзеянні ў барацьбе з кліматычнымі зменамі”, - звярнуў увагу саветнік міністра аховы навакольнага асяроддзя Італіі.