Святы Пасад у ААН аб занепакоенасці крызісам у Афганістане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Аб гэтым на адмысловым пасяджэнні Савета па правах чалавека ААН у Жэневе заявіў кс. Джон Патцэр з Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасаду пры гэтай арганізацыі.
Ватыканскі дыпламат заклікаў усе бакі "прызнаваць і абараняць чалавечую годнасць і асноўныя правы кожнага чалавека, у тым ліку права на жыццё, свабоду веравызнання, свабоду перамяшчэння і мірных сходаў". Ён звярнуў увагу на тое, што ў гэты крытычны час надзвычай важна падтрымліваць і гарантаваць бяспеку гуманітарных ініцыятыў у Афганістане ў духу міжнароднай салідарнасці, каб не паставіць пад пагрозу дасягнуты прагрэс, асабліва ў галіне аховы здароўя і адукацыі.
Паводле Святога Пасаду, "інклюзіўны дыялог" з'яўляецца "самым магутным інструментам" у дасягненні міру. Дыпламат таксама звярнуўся да ўсёй міжнароднай супольнасці з заклікам "перайсці ад дэкларацый да ўчынкаў", вітаючы бежанцаў у духу братэрства.