Пасол Славакіі: візіт Папы – заклік да салідарнасці і гуманізму
Ян Глінскі - Vatican News
Чатырохдзённае Апостальскае падарожжа Францішка ў Славакію распачнецца 12 верасня 2021 г. Ён паедзе ў Братыславу, Прэшаў, Кошыцы, Шашцін. Дэвізам візіту стануць словы: “З Марыяй і Юзафам на шляху да Езуса”.
Лісанскі ўказаў на значнасць месцаў, якія наведае Пантыфік. Братыславу ён назваў “сімвалам незалежнасці” Славакіі і “выключным прыкладам спадчыны і гісторыі Цэнтральнай Еўропы з рымскімі, хрысціянскімі і яўрэйскімі каранямі”. “Дзве тысячы гадоў таму Дунай быў мяжой Рымскай Імперыі з рымскім замкам на месцы Братыслаўскага замку”, - патлумачыў дыпламат, нагадаўшы, што дванаццаць гадоў таму там паўстала першая вялікамараўская базыліка, а ў ХХ веку Братыслава была сведкам трагедыі нацысцкага і камуністычнага рэжымаў.
Кошыцы, у сваю чаргу, з’яўляюцца “ўнікальным прыкладам культурнага дыялогу паміж усімі трынаццаццю меншасцямі, якія жывуць там у міры шмат стагоддзяў”, і “дыялогу розных хрысціянскіх супольнасцей”.
У Шашціне знаходзіцца нацыянальны санктуарый Маці Божай Сямі Балесцяў, апякункі Славакіі.
Падчас халоднай вайны краіна знаходзілася пад уладай камуністаў і з’яўлялася ўсходняй часткай Чэхаславакіі. У “варварскую ноч” 1950 года камуністычны рэжым знішчыў тут 76 кляштараў.
“Гісторыя Каталіцкага Касцёла ў Славакіі – гэта таксама гісторыя пераследу ў часы камуністычнага рэжыму. На працягу 40 гадоў Касцёл лічыўся адным з самых грозных ворагаў камуністычнага рэжыму і аб’ектам пераследу і насілля. Біскупаў, святароў, законнікаў і законніц арыштоўвалі, асуджалі на зняволенне, іх уціскала тайная паліцыя”, - нагадаў Лісанскі.
На думку пасла, ключавую ролю адыгрываў падпольны Касцёл, які ўзначальваў біскуп (пазней кардынал) Ян Хрызастом Корэц, а таксама падтрымка Святога Пасаду, што ўзрасла з часоў пантыфікату св. Яна Паўла ІІ. Вялікі Папа наведваў Славакію тройчы – у 1990, 1995 i 2003 гадах.
Для Лісанскага візіт Францішка – гэта заклік да славакаў: заўсёды кіравацца агульным дабром, а не індывідуальнымі інтарэсамі, жыць салідарнасцю, гуманізмам і ўзаемнай павагай.