Славакія: СМІ пра візіт Святога Айца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сярод выданняў, якія каментуюць папскую прамову ў сацыяльным кантэксце сённяшняй Славакіі, – ліберальная Sme. Газета падкрэсліла, што "ў часы ўзмацнення палярызацыі грамадства ёсць шмат тых, хто лічыць за лепшае закрыць вушы на заклік Францішка да гуманізму і талерантнасці". Спасылка Папы на пакору, якой у сучасным грамадстве ў значнай ступені не хапае, можа, аднак, "дасягнуць прынамсі часткі грамадства".
У славацкай прэсе практычна няма значных каментароў да заяў Пантыфіка. Адзін з нямногіх – Францішак Міклошка, адзін з самых вядомых дысідэнтаў камуністычнай эпохі, пазней старшыня парламента, Славацкай нацыянальнай рады ў Браціславе.
"Адважуся сказаць, што мы, славакі, ніколі не чулі такой прамовы, як агучаная Святым Айцом у садзе Прэзідэнцкага палаца", - адзначыў Міклошка на славацкім інтэрнэт-партале Svet kresťanstva - Postoj. "Папа паказаў, як разумець традыцыі, і адначасова заставацца адкрытымі да будучыні", - дадаў ён.
Міклошка, адзін з удзельнікаў дэманстрацыі 25 сакавіка 1988 г. на вуліцах Браціславы, на якую выйшлі з запаленымі свечкамі каля 10 тыс. славакаў, патрабуючы свабоды веравызнання, грамадзянскіх свабод і павагі да правоў чалавека. "Вы перажылі пераслед, вы здалі экзамен. Цяпер нас чакае выпрабаванне свабодай", - цытуе ён Францішка.
Газеты таксама адзначаюць, што Папа знайшоў час у панядзелак, каб ненадоўга сустрэцца з сем'ямі маладога журналіста-расследавальніка Яна Куцяка і яго нявесты Марціны Кушніравай, забітых у 2018 г. Судовае разбіральніцтва па гэтай справе яшчэ не завершана. У гэтым кантэксце галоўны рэдактар газеты Dennik N Матуш Кастольны ўспамінае словы Пантыфіка аб тым, што закон павінен аднолькава распаўсюджвацца на ўсіх, а правасуддзе “ніколі не можа прадавацца”.