Арцыбіскуп Галахер успамінае забітага брытанскага парламентарыя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У службе грамадству ён кіраваўся найвышэйшымі прынцыпамі, натхнёнымі яго каталіцкай верай і прыхільнасцю спрыяць дабру і дабрабыту сваіх выбаршчыкаў і ўсяго грамадства, - напісаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
Дэвіда Амэса падчас сустрэчы з выбаршчыкамі зарэзаў ісламіст самалійскага паходжання. "Мяне ўражваюць незлічоныя выразы спачування, але і сведчанні аб яго дабрыні, шчодрасці, веры і праведнасці", - напісаў адзін з вышэйшых кіраўнікоў папскай дыпламатыі.
Забіты парламентарый адкрыта гаварыў пра сваю веру ў публічнай прасторы. Ён быў рашучым абаронцам жыцця, з каталіцкага пункту гледжання выказваўся па такіх пытаннях, як ахова здароўя і барацьба з беднасцю. Дэпутат быў шырока вядомы як адзін з самых моцных прыхільнікаў Brexit.
Арцыбіскуп Галахер прыгадаў уклад Амэса ў пабудову ватыканска-брытанскіх адносін. Ён быў заснавальнікам і шматгадовым старшынёй міжпартыйнай парламенцкай групы па сувязях са Святым Пасадам. У гэтай якасці неаднаразова наведваў Ватыкан і адыгрываў ключавую ролю ў гістарычным візіце Бэнэдыкта XVI у Вялікабрытанію. "Яго энтузіязм і адданасць высока цаніліся Святым Пасадам", - запэўніў арцыбіскуп Галахер.