Арцыбіскуп Неапаля заклікаў мафію спыніць насілле
Ян Глінскі - Vatican News
“Крывавы след, які ў апошнія дні быў пакінуты на некалькіх вуліцах і ў мікрараёнах, не можа нікога пакінуць абыякавым. Усе грамадскія сілы, незалежна ад веравызнання, павінны тэрмінова нешта зрабіць для спынення эскалацыі насілля. Ні ў якім разе нельга пакорна чакаць і глядзець, як памірае Неапаль”, - напісаў арцыбіскупа Даменіка Баталья.
“Камора і падполле знішчаюць горад з бесчалавечнай лютасцю, - адзначыў Мітрапаліт Неапаля ў сваім эмацыйным закліку. - Тыя, хто працягвае рабіць выгляд, што нічога не сталася, прычыняюцца да абвалу. Надышоў час перайсці ад “халоднага індывідуалізму” да новага адчування супольнасці. Гэта адзіны спосаб уратаваць рэгіён”.
Арцыбіскуп Баталья звярнуўся непасрэдна да “членаў Каморы, карупцыянераў і саўдзельнікаў арганізаванай злачыннасці” і заклікаў іх заставацца людзьмі. Ён запэўніў, што як арцыбіскуп Неапаля гатовы суправаджаць у працэсе навяртання ўсіх тых, хто хоча слухаць сваё сумленне.
“Яшчэ не позна скласці зброю і ступіць на шлях справядлівасці”, - заахвоціў іерарх. Ён прызнаўся, што ў бліжэйшыя дні плануе рэалізаваць шэраг ініцыятыў для ўстанаўлення дыялогу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
У апошнія тыдні ў Неапалі адбыліся крывавыя сутычкі паміж канфліктуючымі кланамі Каморы. Паліцыя зафіксавала дванаццаць нападаў і бомбавых атак, пераважна ў неапальскім раёне Пантычэлі. Некалькі чалавек загінулі. Апошнім з іх стаў 23-гадовы мужчына, якога застрэлілі сямю стрэламі з пісталета з блізкай адлегласці.