Пажары ў Грэцыі. Ілюстрацыйнае фота Пажары ў Грэцыі. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак аказаў дапамогу жыхарам Паўднёвага Судана і Грэцыі

Папа аказаў матэрыяльную падтрымку насельніцтву Паўднёвага Судана і Грэцыі, якое пацярпела ад прыродных катаклізмаў, - паведаміла Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Адзначаецца, што ў выніку моцных дажджоў і разбуральных паводак, якія ў жніўні 2021 г. абрынуліся на Паўднёвы Судан, больш за 12 тыс. чалавек засталіся без даху над галавой, каля 6 тыс. дамоў былі пашкоджаны або знішчаны, а таксама была нанесена велізарная матэрыяльная шкода.

У сувязі з гэтым Францішак распарадзіўся праз Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека накіраваць 75 тыс. амерыканскіх долараў у якасці ўкладу ў барацьбу з надзвычайнай сітуацыяй і падтрымкі насельніцтву дыяцэзіі Малакал, якое сур’ёзна пацярпела.

Акрамя таго, Святы Айцец распарадзіўся накіраваць першы ўнёсак у памеры 50 тыс. еўра на дапамогу насельніцтву Грэцыі, якое ў жніўні 2021 г. панесла цяжкія страты ў выніку пажараў на вострабе Эўбея, паўвостраве Атыка і ў Пелапанескім рэгіёне, што знішчылі больш за 100 тыс. гектараў глебы, палёў і пасеваў. Гэта сума будзе прызначана на падтрымку дзейнасці, якую ажыццяўляе ў рэгіёне Caritas Hellas.

Ахвяраванні выражаюць пачуцце духоўнай блізкасці і бацькоўскай падтрымкі з боку папы Францішка да людзей і тэрыторый, якія пацярпелі. Яны суправаджаюцца малітвай і з’яўляюцца часткай дапамогі, якую аказвае ўвесь Каталіцкі Касцёл, і якая ахоплівае шматлікія дабрачынныя структуры, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.
 

04 кастрычніка 2021, 11:34