Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа папрасіў вернікаў маліцца за кліматычны саміт у Глазга

Пасля малітвы Анёл Панскі і апостальскага благаслаўлення Святы Айцец папрасіў вернікаў маліцца за кліматычны саміт ААН.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Сёння ў шатландскім Глазга пачынаецца саміт ААН па змене клімату – COP26. Маліцеся, каб крык зямлі і крык бедных былі пачутыя, каб гэтая сустрэча прапанавала эфектыўныя адказы, якія дадуць канкрэтную надзею будучым пакаленням”, - сказаў Папа.

COP26 стане першым самітам, на якім плануецца падвесці папярэднія вынікі таго, што было зроблена (а што не зроблена) для выхаду з кліматычнага крызісу з моманту падпісання ў 2015 г. галоўнага рэгулюючага дакумента ў гэтай сферы – Парыжскага кліматычнага пагаднення. Там у агульных рысах апісана стратэгія чалавецтва па прадухіленні кліматычнай катастрофы, зацверджаная прадстаўнікамі 175 краін.

Усе яны безумоўна прызнаюць, што, калі глабальнае пацяпленне працягнецца і сярэднія тэмпературы планеты вырастуць на 1,5 градуса Цэльсія ў параўнанні з даіндустрыяльнымі паказчыкамі, то будзе пройдзена своеасаблівая "кропка невяртання": катастрафічныя змены клімату, якія адбыліся за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, стануць незваротнымі.
 

31 кастрычніка 2021, 13:02