Пошук

Лагатып Народных рухаў Лагатып Народных рухаў 

Пантыфік звернецца да ўдзельнікаў сустрэчы Народных рухаў

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека паведаміла, што Святы Айцец скіруе пасланне да ўдзельнікаў другой сесіі IV Сусветнай сустрэчы Народных рухаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Форум адбудзецца 16 кастрычніка 2021 г. у анлайн-фармаце. У ім будуць браць удзел прадстаўнікі Народных рухаў з краін Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкаў, Еўропы, Афрыкі і Азіі. Яны абмяркуюць уплыў пандэміі каронавіруса на сітуацыю людзей, якія задзейнічаны ў сферах з невысокім узроўнем аплаты працы, якія не маюць сацыяльных гарантый і належнай абароны сваіх правоў.

Дыскусіі будуць тычыцца трох фундаментальных для гэтых катэгорый работнікаў пытанняў, якія адначасова з’яўляюцца і трыма “святымі правамі” чалавека. Гаворка ідзе пра так званыя 3T – Tierra, techo i trabajo (y перакладзе з іспанскай мовы: зямля дом і праца).

Францішак ужо выказваўся па гэтых пытаннях падчас сустрэч з удзельнікамі Народных рухаў, якія праходзілі ў Ватыкане ў 2014 і 2016 гг. і ў Санта-Круз-Дэла-Сьера ў Балівіі ў 2015 г. У энцыкліцы Fratelli tutti ён заклікаў забяспечыць зямлёй, домам і працай усіх.

Анлайн-канферэнцыя будзе трансліравацца ў прамым эфіры на Youtube-каналах Народных рухаў, Vatican News і Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Форум будзе працягвацца каля дзвюх гадзін. Яго ўдзельнікі распавядуць Святому Айцу пра свае праблемы, выкліканыя пандэміяй, прадэманструюць кароткі відэафільм і прадставяць дакумент пад загалоўкам “Збавіць чалавецтва і планету”. На заканчэнне сустрэчы Папа скіруе да іх сваё пасланне.
 

14 кастрычніка 2021, 10:27