Пантыфік звернецца да ўдзельнікаў сустрэчы Народных рухаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум адбудзецца 16 кастрычніка 2021 г. у анлайн-фармаце. У ім будуць браць удзел прадстаўнікі Народных рухаў з краін Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкаў, Еўропы, Афрыкі і Азіі. Яны абмяркуюць уплыў пандэміі каронавіруса на сітуацыю людзей, якія задзейнічаны ў сферах з невысокім узроўнем аплаты працы, якія не маюць сацыяльных гарантый і належнай абароны сваіх правоў.
Дыскусіі будуць тычыцца трох фундаментальных для гэтых катэгорый работнікаў пытанняў, якія адначасова з’яўляюцца і трыма “святымі правамі” чалавека. Гаворка ідзе пра так званыя 3T – Tierra, techo i trabajo (y перакладзе з іспанскай мовы: зямля дом і праца).
Францішак ужо выказваўся па гэтых пытаннях падчас сустрэч з удзельнікамі Народных рухаў, якія праходзілі ў Ватыкане ў 2014 і 2016 гг. і ў Санта-Круз-Дэла-Сьера ў Балівіі ў 2015 г. У энцыкліцы Fratelli tutti ён заклікаў забяспечыць зямлёй, домам і працай усіх.
Анлайн-канферэнцыя будзе трансліравацца ў прамым эфіры на Youtube-каналах Народных рухаў, Vatican News і Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Форум будзе працягвацца каля дзвюх гадзін. Яго ўдзельнікі распавядуць Святому Айцу пра свае праблемы, выкліканыя пандэміяй, прадэманструюць кароткі відэафільм і прадставяць дакумент пад загалоўкам “Збавіць чалавецтва і планету”. На заканчэнне сустрэчы Папа скіруе да іх сваё пасланне.