Пантыфік асудзіў замах на прэм'ер-міністра Ірака
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Пасля нападу на Вашу рэзідэнцыю ў Багдадзе Яго Святасць Папа Францішак даручыў мне перадаць яго малітоўную блізкасць да Вас і Вашай сям'і, а таксама да тых, хто пацярпеў. Асуджаючы гэты подлы акт тэрарызму, Яго Святасць яшчэ раз выказвае сваю ўпэўненасць у тым, што з благаслаўлення Усявышняга народ Ірака будзе ўмацаваны ў мудрасці і сіле, каб ісці па шляху міру праз дыялог і братэрскую салідарнасць”, - гаворыцца ў тэлеграме, падпісанай кард. П’етра Паралінам.
На Мустафу аль-Казымі ў ноч на нядзелю, 7 лістапада 2021 г., быў здзейснены замах з выкарыстаннем беспілотнага лятальнага апарата са ўзрыўчаткай. Улады Ірака паведамілі, што ўдар быў нанесены па рэзідэнцыі кіраўніка ўраду краіны.
Як паведаміў палітык пазней на сваёй старонцы ў сацсетцы Twitter, ён адчувае сябе добра. Аль-Казымі заклікаў усіх жыхароў Ірака захоўваць спакой і самавалоданне.