Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папская акадэмія навук занепакоена павольнай вакцынацыяй

Папская акадэмія навук працягвае крытыкаваць існуючыя недахопы ў барацьбе з каронавірусам. Усё яшчэ больш за 3,5 мільярда чалавек чакаюць вакцын, - гаворыцца ў заяве на гэтую тэму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падкрэсліваецца, што адсутнасць вакцын у бедных краінах прывяла да “маральна неапраўданай несправядлівасці”. Акрамя таго, невялікі працэнт прышчэпленых людзей у краінах з нізкім узроўнем даходу павышае рызыку з'яўлення новых варыянтаў віруса. “Неабходна пакласці канец няроўнаму доступу да вакцын і вакцынаваму нацыяналізму багатых краін”, - гаворыцца ў заяве.

Папская акадэмія таксама заклікала да далейшага наладжвання даследчых сетак і дастатковага фінансавання іх працы. Доўгатэрміновыя наступствы захворванняў, выкліканых каронавірусам, сур’ёзна непакояць і патрабуюць “інтэнсіўных даследаванняў і мэтанакіраваных мер аховы здароўя”.

Акрамя таго, члены Акадэміі заклікалі навукоўцаў, журналістаў, палітыкаў і рэлігійныя супольнасці прыняць меры супраць дэзінфармацыі і тэорый змовы аб пандэміі і вакцынах.

Папская акадэмія навук была створана ў 1603 г. Яе мэта – спрыяць дасягненням у галіне матэматыкі, фізікі і прыродазнаўчых навук, а таксама даследаваць звязаныя з імі праблемы. У яе склад уваходзяць прызначаныя Пантыфікам выдатныя прадстаўнікі навукі з розных краін. Сярод 80 членаў – 20 нобелеўскіх лаўрэатаў. З 2017 г. старшынёй структуры з'яўляецца 71-гадовы нямецкі эканаміст Ёахім фон Браўн.
 

30 лістапада 2021, 11:00