Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: адмовіцца ад таго, што вядзе да знішчэння планеты

Прырода – гэта наша сястра, якой мы робім зло, безадказна карыстаючыся яе дарамі, - адзначыў кардынал П’етра Паралін у відэазвароце да ўдзельнікаў экалагічнага форума, які завяршыўся ў Асізі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэчу арганізаваў Фонд Sorella Natura, які вось ужо 30 гадоў займаецца экалагічнай адукацыяй.

Дзяржсакратар Яго Святасці звярнуў увагу на тое, што змяненне клімату, апустыньванне, забруджванне навакольнага асяроддзя і страта біяразнастайнасці – гэта толькі некаторыя з праблем, з якімі сутыкаецца сёння чалавецтва і якія пагражаюць жыццю на нашай планеце.

“Рашэнне – гэта інтэгральная экалогія, прапанаваная папам Францішкам, якая прадугледжвае дзейнасць, скіраваную на замену культуры адчужэння культурай клопату”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

“Ключавое слова – “разам”! Разам мы павінны супрацьстаяць пагрозам для нашага агульнага дома. Разам мы павінны супрацьстаяць прагнасці, абыякавасці, невуцтву, несправядлівасці, няўпэўненасці і насіллю. Усяму, што спрыяе дэградацыі планеты”, - дадаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Іерарх нагадаў, што таксама Святы Пасад абавязаўся актывізаваць намаганні па абароне стварэння праз стратэгію нулявых выкідаў вугляроду да 2050 г. і пашырэнне экалагічнай адукацыі, у першую чаргу сярод моладзі.

“Мы больш не можам чакаць. Занадта шмат людзей пакутуюць ад экалагічнага і кліматычнага крызісу, асабліва сярод самых бедных, маргіналізаваных і карэнных народаў, якія вельмі доўга мучыліся ад непрапарцыйных наступстваў крызісу і больш за ўсіх пацярпелі ад беднасці, забруджвання і пандэміі”, - звярнуў увагу Дзяржсакратар Яго Святасці.
 

30 лістапада 2021, 11:23