Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кіпрскі імам пра блізкія адносіны мясцовых хрысціян і мусульман

Кіпр з яго багатай мусульманскай спадчынай можа спрыяць мірнаму суіснаванню рэлігій у Еўропе, - лічыць мясцовы імам Шакір Алемдар.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“У нас шматвяковая гісторыя добрасуседства і ўзаемнага клопату”, - сказаў Шакір Алемдар нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA. Мусульманскі лідар перакананы, што мячэць Хала Султан Тэке, на паўднёвы захад ад Ларнакі, дзе адбывалася інтэрв’ю, “з'яўляецца выдатным прыкладам добрага міжрэлігійнага суіснавання, даючы цудоўную магчымасць для развіцця мірнага суіснавання”.

Алемдар, які, як прадстаўнік кіпрскага муфтыя, адказвае за мячэці ў паўднёвай частцы Кіпра, ахарактарызаваў адносіны паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі, прадстаўленымі на Кіпры, і мусульманамі як блізкія.

Religious Track of the Cyprus Peace Process (Рэлігійны шлях кіпрскага мірнага працэсу) стаў адным з праектаў, які аб'яднаў прадстаўнікоў рэлігій і паспрыяў іх добраму супрацоўніцтву. Імам выказаў надзею, што дыялог рэлігій у рамках гэтай ініцыятывы “будзе развівацца і адлюструецца ў адпаведнай практыцы”.

У той жа час Алемдар выказаў занепакоенасць тым, што рэлігійныя групы на Кіпры пакутуюць ад анамалій, выкліканых палітычнай сітуацыяй. У адрозненне ад Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпра, Грэчаская Рэспубліка Кіпр прызнана ў адпаведнасці з міжнародным правам.

Асаблівую заклапочанасць прадстаўніка іслама выклікае стаўленне ўладаў да культавых месцаў іншага боку канфлікту. "Сітуацыя з'яўляецца, сярод іншага, нагодай для крытычных паведамленняў аб свабодзе веравызнання на Кіпры. Рэлігійныя супольнасці ведаюць пра гэтыя недахопы. Іх можна хутка выправіць, але няма разумення з боку ўладаў", - шкадуе імам мячэці Хала Султан Тэке.
 

02 снежня 2021, 11:54