Святы Айцец моліцца за ахвяр тарнада ў ЗША
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік скіраваў амерыканскаму епіскапату спачувальную тэлеграму, падпісаную кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам. Ён выказаў удзячнасць за высілкі супрацоўнікаў ратавальных служб і ўсіх, хто задзейнічаны ў аказанні дапамогі параненым, сям’ям, якія аплакваюць страту сваіх блізкіх, і людзям, што засталіся без даху над галавой. Папа запэўніў у малітве аб сіле і велікадушнасці для ўсіх, хто дапамагае пакутуючым братам і сёстрам.
Канферэнцыя Біскупаў ЗША таксама запэўніла ў сваёй малітве і дапамозе пацярпелым. “У часе Адвэнту, калі чакаем нараджэння нашага Пана, няхай міласэрны Бог адорыць памерлых вечнай радасцю, а ўсім пакутуючым спашле супакой, суцяшэнне і надзею”, - гаворыцца ў паведамленні амерыканскага епіскапату.
11-12 снежня 2021 г. у сямі штатах ЗША было зарэгістравана больш за 30 тарнада, якія прывялі да гібелі многіх людзей і справакавалі значныя разбурэнні жылых дамоў і аб’ектаў інфраструктуры. На цяперашні час пацверджана смерць каля 100 чалавек, але, паводле ратавальнікаў, ахвяр стыхіі будзе больш. Самым пацярпелым рэгіёнам стаў штат Кентукі, а дакладней яго заходняя частка, дзе згубілі жыццё па меншай меры 80 чалавек.