Святы Айцец спачувае ў сувязі з гібеллю людзей на Гаіці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Некалькі гадзін таму ў Кап-Аіцьене на поўначы Гаіці адбыўся магутны выбух, у выніку якога загінула мноства людзей, у тым ліку шмат дзяцей. Беднае Гаіці, адны няшчасці ідуць за другімі! Народ гэтай краіны вельмі пакутуе. Яны – добрыя, здольныя і рэлігійныя людзі, але шмат пакутуюць. Я спачуваю жыхарам гэтага горада і сем’ям ахвяр, а таксама параненым. Заклікаю вас далучыцца да малітвы за гэтых братоў і сясцёр”, - сказаў Святы Айцец на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 15 снежня 2021 г. прайшла ў Ватыкане.
Каля апоўначы па мясцовым часе бензавоз з палівам перакуліўся і ўзарваўся на дарозе ў партовым гаіцянскім горадзе Кап-Аіцьен у 200 кіламетрах ад сталіцы Порт-о-Прэнса. У выніку выбуху загінулі па меншай меры 60 чалавек, каля 100 атрымалі апёкі і траўмы рознай ступені цяжкасці і былі шпіталізаваны. Ударнай хваляй было пашкоджана каля 20-ці будынкаў, пад іх абломкамі працягваецца пошук людзей.