М'янма: біскупы заклікалі да гуманітарнай дапамогі насельніцтву
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
11-14 студзеня 2022 года епіскапат сустрэўся на пленарным пасяджэнні ў Рангуне. “Мы рашуча заклікаем да павагі да жыцця, павагі да святасці культавых месцаў, недатыкальнасці бальніц і школ. Усе, хто спрабуе дапамагчы людзям, павінны быць абаронены”, - гаворыцца ў звароце па яго выніках.
У апошнія тыдні краіна перажыла небяспечную эскалацыю насілля і ўзброеных нападаў.
Іерархі падзякавалі святарам і кансэкраваным асобам, якія ўдзельнічаюць у суправаджэнні людзей, што ратуюцца ад небяспечнай сітуацыі. Храмы адчынілі свае дзверы для перамешчаных асоб, большасць з якіх – жанчыны, дзеці, старыя і хворыя. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў М’янмы цвёрда верыць, што “з Богам усё магчыма”.
З 1 лютага 2021 года, з дня дзяржаўнага перавароту, у М'янме з насельніцтвам 54 мільёны загінулі каля 1,5 тысячы чалавек, у тым ліку не менш за 50 дзяцей, больш за 10 тысяч былі арыштаваныя. Сярод іх – каталіцкія святары і пратэстанцкія пастары.
Амаль 90% насельніцтва краіны вызнае будызм, хрысціяне складаюць менш за 7%. Большасць з іх – баптысты. Католікаў налічваецца каля 700 тысяч чалавек (каля 1,4% насельніцтва).