Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падчас сустрэчы з Францішкам Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падчас сустрэчы з Францішкам 

Нунцый ва Украіне: ёсць трывога, але і вялікая любоў да Радзімы

“Людзі ўдзячныя Францішку. У цяжкія часы, якія перажывае Украіна, усведамленне таго, што ты не самотны і не забыты, з’яўляецца вялікай дапамогай”, - сказаў Апостальскі нунцый ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас адзначыў, што ва Украіне Пантыфік з'яўляецца адным з самых паважаных рэлігійных дзеячаў. “Таму яго заклік пасля малітвы Анёл Панскі ў мінулую нядзелю адразу быў успрыняты як вельмі важнае пасланне, якое ўздымае, выказвае блізкасць і салідарнасць”.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што на працягу васьмі гадоў ва ўсходніх рэгіёнах ідзе вайна, якая стварае шмат праблем. “Ёсць тыя, хто страціў сваіх блізкіх, і я асабіста сустракаў некалькі людзей, якія моцна пацярпелі, ёсць тыя, хто страціў здароўе, дом, працу, але ўсё гэта зрабіла ўкраінцаў мацнейшымі перад цяжкасцямі. Рызыка магчымага абвастрэння канфлікту перажываецца з большай адвагай. Трывога ёсць, але ў той жа час я заўважыў вялікую любоў да Радзімы і вялікую рашучасць рабіць сваю справу, калі ўзнікаюць цяжкасці. Як многім вядома, тут жывуць карэнныя ўкраінцы, ёсць рэгіёны з перавагай рускіх, а ёсць і тыя, дзе значная прысутнасць палякаў, але мне ўдавалася заўважаць любоў усіх да Радзімы. Я не кажу, што няма ніякіх цяжкасцей, але ў цэлым канфлікт, здаецца, павысіў інтэграванасць людзей па ўсёй краіне”, - сказаў арцыбіскуп Кульбокас.

Іерарх звярнуў увагу на той факт, што ў грэка-каталіцкіх і рыма-каталіцкіх храмах з 2014 года, калі пачаўся канфлікт, падчас усіх эўхарыстычных цэлебрацый і іншых набажэнстваў заўсёды ёсць хвіліна малітвы за мір, а ў гэтыя апошнія тыдні яна ўзмацнілася.

Нунцый нагадаў аб важнасці ўсведамлення вернікамі свайго паклікання як хрысціян і як людзей. "Францішак у сваім звароце ў мінулую нядзелю сказаў, што “тыя, хто пераследуе ўласныя мэты, прычыняючы шкоду іншым, зневажаюць уласнае чалавечае пакліканне, бо мы ўсе створаны братамі і сёстрамі". Прарок Ісая сказаў: Бог не пачуе малітвы вашай, калі вы не пакаецеся, калі не будзеце жыць па справядлівасці, калі не будзеце жыць у міласэрнасці. Такім чынам, малітва, якой мы жывём, існуе дзеля міру, і яе сэнс ў тым, перш за ўсё, каб мы навярталіся, каб мы жылі вернасцю Богу, братэрствам і міласэрнасцю да кожнага, з пакорай, адвагай, творчасцю, каб маглі сказаць Пану: цяпер я аддаю ўсё ў твае рукі”, - сказаў Апостальскі Нунцый ва Украіне ў інтэрв’ю Vatican News.
 

25 студзеня 2022, 12:41