Арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Cтаршыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы Арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Cтаршыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы  

Біскупы Еўропы пра Украіну: неадкладна спыніць расійскую агрэсію

Cтаршыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), арцыбіскуп Гінтарас Грушас рашуча асудзіў расійскую агрэсію супраць Украіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Касцёлы Еўропы рашуча асуджаюць тое, што адбылося ўчора ўвечары ва Украіне. Мы павінны дзейнічаць разам і рашуча, каб неадкладна спыніць расійскую агрэсію і зрабіць усё магчымае, каб абараніць нявінных жанчын, мужчын і дзяцей: у імя Бога, неадкладна спыніцеся!”, - заявіў арцыбіскуп Віленскі, які зараз знаходзіцца ў Фларэнцыі на Міжземнаморскай канферэнцыі.

Іерарх лічыць, што “міжнародная супольнасць, і ў прыватнасці Еўрасаюз, павінны прыкласці ўсе намаганні, каб пакласці канец канфлікту, каб зброя саступіла месца дыялогу і перамовам для абароны міжнароднага права і незалежнасці і тэрытарыяльнага суверэнітэту Украіны”. Спыніць вайну важна і таму, што яна “можа перакінуцца на суседнія краіны і стаць пагрозай для ўсёй Еўропы”.

Еўрапейскія каталіцкія іерархі моляцца за ахвяр канфлікту і за іх сем’і. Яны яднаюцца з тымі, хто пакутуе, і далучаюцца да закліку Папы да малітвы і посту ў інтэнцыі міру. “Няхай Каралева супакою выратуе свет ад вар'яцтва вайны”, - гаворыцца ў заяве Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.
 

24 лютага 2022, 13:19