Папу чакаюць на форуме біскупаў і мэраў міжземнаморскіх гарадоў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Трэба весці дыялог і працаваць, каб умацаваць узаемны давер. Гэта прывядзе да большай гармоніі і справядлівасці”, - адзначыў адзін з удзельнікаў, арцыбіскуп Мальты Чарльз Шыклуна, у інтэрв’ю Vatican News.
Сустрэча будзе прысвечана разважанню аб праблемах, з якімі сутыкаецца грамадства рэгіёна. Яна стане працягам дыялогу, які пачаўся два гады таму ў Бары, дзе сабраліся біскупы з 20 міжземнаморскіх краін.
Адно з галоўных пытанняў, пра якое абавязкова пойдзе гаворка, – гэта міграцыя. На працягу многіх гадоў мігранты спрабавалі перасекчы Міжземнае мора, каб дабрацца да Еўропы ў пошуках лепшага жыцця. Летась толькі на Мальту прыехалі 832 чалавекі. Не ўсе людзі бяспечна дабіраюцца да берага, многія становяцца ахвярамі гандляроў людзьмі.
“Мальта знаходзіцца ў цэнтры Міжземнага мора. Таму яна застаецца раем для тых, хто вырашыў пераплысці мора. У культуры і гісторыі востраў часта быў месцам сустрэчы, але таксама і месцам канфлікту”, - заўважыў арцыбіскуп, дадаўшы, што чакае ад сустрэчы імпульсу для ўмацавання міру і стварэння больш бяспечных і гасцінных міграцыйных каналаў.
“Я хацеў бы, каб мы лепш разумелі адказнасць, якая ляжыць на нас. Таму мы павінны працаваць і весці дыялог, каб паміж намі было больш даверу. Гэта прывядзе да большай гармоніі і справядлівасці. Мы таксама рыхтуемся да візіту Папы на Мальту. Спадзяемся, што свет пачуе падчас яго прарочы голас і пасланне згоды", - сказаў арцыбіскуп Шыклуна.
Форум біскупаў і мэраў міжземнаморскіх гарадоў пройдзе 23-27 лютага 2022 года ў Фларэнцыі. Чакаецца, што яго завершыць сваёй прамовай папа Францішак.