Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 

Прэзідэнт ЗША прывітаў удзельнікаў святкавання Дня братэрства

Прывітанне з нагоды ІІ Міжнароднага дня агульначалавечага братэрства, які адзначаецца 4 лютага 2022 года, даслаў Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Галоўныя падзеі ў рамках святкавання праходзяць у Дубаі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Амерыканскі лідар адзначыў важнасць “глабальнага супрацоўніцтва” паміж людзьмі рознага паходжання, розных культур і веравызнанняў перад абліччам выклікаў планетарнага маштабу: эканамічнага крызісу, пандэміі каронавіруса, павелічэння насілля ва ўсім свеце.

Байдэн заўважыў, што спрадвеку лічылася “быццам, каб дасягнуць поспеху, іншы павінен пацярпець паразу; каб ісці наперад, нехта павінен застацца ззаду”: такое мысленне стала прычынай канфліктаў, насілля, пераследу і злоўжыванняў. Цяпер свет патрабуе адкрытага дыялогу, прасоўвання цярпімасці, інклюзіўнасці і разумення.

Вялікія выклікі сучаснасці патрабуюць адкрытасці мыслення, гатоўнасці да супрацоўніцтва і эмпатыі, каб гарантаваць годныя адносіны да кожнага чалавека, як да паўнапраўнага члена грамадства, - падкрэсліў Прэзідэнт ЗША.

Байдэн прызнаўся, што вера з’яўляецца “маяком надзеі” ў яго асабістым жыцці, а таксама нагадаў, што Міжнародны дзень агульначалавечага братэрства мае свае карані ў запаведзі любові адзін да аднаго, якая аб’ядноўвае розныя рэлігійныя традыцыі, а таксама ў служэнні і абароне самых уразлівых.

“Разам мы маем рэальную магчымасць пабудаваць лепшы свет, які будзе падтрымліваць усеагульныя правы чалавека, узвышаць кожнага чалавека і спрыяць міру і бяспекі для ўсіх”, - завяршыў пасланне амерыканскі лідар.
 

04 лютага 2022, 10:22