Кардынал: злачынцы ў судзе – гэта пачатак адраджэння
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерарх пракаментаваў першы працэс у Спецыяльным крымінальным судзе ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, які пачаўся на мінулым тыдні. За злачынствы генацыду нясуць адказнасць трое членаў адной з асноўных узброеных груповак, якія гадамі тэрарызуюць жыхароў краіны.
Трыбунал быў створаны самой ЦАР яшчэ ў 2015 годзе. Ён мае як нацыянальнае, так і міжнароднае прадстаўніцтва. Фінансаванне ажыццяўляецца ААН, Еўрасаюзам і ЗША. У ім разглядаюцца злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, учыненыя з 2003 года. Іса Салет Адум, Усман Яуба і Тахір Махамат – першыя тры асобы, якія тут апынуліся. Яны належаць да групоўкі 3R і адказваюць за забойства 46 мірных жыхароў у 2019 годзе.
У размове з Vatican News арцыбіскуп Бангі прызнаў, што грамадства доўга чакала пачатку працэсаў. Ён падкрэсліў, што пакаранне вінаватых – гэта першы крок да прымірэння, прабачэння і пабудовы нармальнага грамадства. Толькі дзякуючы гэтаму людзі змогуць зноў размаўляць адно з адным і глядзець адно аднаму ў вочы.
“Адна з самых важных нашых праблем – беспакаранасць. Калі людзі бяруць зброю, яны думаюць, што яны ўсемагутныя. Між тым ніхто не стаіць вышэй за закон, і таму тут павінна ўмяшацца судовая сістэма, каб людзі зразумелі, што кожны адкажа за свае дзеянні. Дзеля дабра грамадства самыя слабыя і ахвяры павінны бачыць, што злачынцы, крымінальнікі будуць арыштаваныя”, - сказаў кардынал Нзапалаінга.