Сірыйскія бежанцы. Ілюстрацыйнае фота Сірыйскія бежанцы. Ілюстрацыйнае фота 

Нунцый у Сірыі паведаміў Папу пра ўскладненне сітуацыі ў краіне

Падчас сустрэчы з Папам я быў вымушаны сказаць яму, што сітуацыя ў Сірыі яшчэ больш пагоршылася, хоць гэта і цяжка ўявіць, - прызнаўся кардынал Марыё Дзэнары, які 13 гадоў з’яўляецца нунцыем у Дамаску.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што краіна перажывае сур'ёзны гуманітарны крызіс, а самі сірыйцы страцілі ўсякую надзею на паляпшэнне сітуацыі. Што яшчэ горш, яны ведаюць, што пра Сірыю больш не кажуць, пра іх забылася міжнародная супольнасць.

Дыпламат падкрэсліў, што народ жыве толькі дзякуючы гуманітарнай дапамозе. А тым часам неабходны палітычныя рашэнні, адмена еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый, якія не дазваляюць аднавіць краіну і вярнуцца да нармальнага жыцця. Цяпер, калі пачалася вайна ва Украіне і Сірыя стала на бок Расіі, сітуацыя, як прагназуе, Дзэнары, стане яшчэ больш складанай.

“У нас ужо быў крызіс да пачатку вайны ва Украіне. Асабліва гэта тычыцца харчовых запасаў. Але, вядома, застаецца і праблема санкцый. Мы спадзяваліся, што іх адменяць. Але палітычная сітуацыя ў Сірыі пагоршылася. Там знаходзіцца расійская армія, якая выратавала гэтую ўладу. Так Сірыя заняла пазіцыю ў міжнародным кантэксце, у вайне ва Украіне. І гэта пагоршыла яе сітуацыю. Зняцце санкцый стала яшчэ больш праблематычным. А санкцыі – цяжкая ноша. Існуюць санкцыі з боку Еўрасаюза, але і з боку Злучаных Штатаў, якія яшчэ больш жорсткія, бо прадугледжваюць пакаранне для ўсіх тых, хто хацеў бы ўдзельнічаць у аднаўленні Сірыі і яе эканомікі. Гэта вельмі небяспечна. Таму вайна ва Украіне яшчэ больш пагоршыла становішча Сірыі з палітычнага пункту гледжання”, - звярнуў увагу папскі дыпламат у каментарыі для Vatican News.
 

21 чэрвеня 2022, 12:21